:

Аб рабочай паездцы Пасла А.Грынкевіча ў рэгіён Тулча

12.08.2021 г.

Пасол Беларусі ў Румыніі Андрэй Грынкевіч ажыццявіў 09 — 11 жніўня 2021 года рабочую паездку ў рэгіён Тулча.

Павет Тулча размешчаны на паўднёвым усходзе Румыніі ў дэльце ракі Дунай. Павет вядомы як найбуйнейшае ў Румыніі месца пражывання ліпаван — старавераў, большая частка якіх прыбыла ў Румынію з беларускага горада Ветка на Гомельшчыне. Пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Румыніі знойдзены асобныя дакументы, якія пацвярджаюць прыбыццё старавераў у Румынію менавіта з Беларусі. У цяперашні час плануецца рэалізацыя сумеснага праекта пад умоўнай назвай: «Шлях ліпаван з беларускай Веткі ў румынскую Тулча». У лік галоўных сектараў эканомікі павета ўваходзяць сельская гаспадарка, уключаючы рыбную галіну, харчовая, хімічная, тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць мэблі, металургія, а таксама вытворчасць караблёў. Па ініцыятыве і пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Румыніі у 2018 годзе падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж паветам Тулча і Мазырскім раёнам; дэлегацыі павета Тулча прымалі ўдзел у XV Гомельскім эканамічным форуме і ў эканамічным форуме «Мазыр 2018». Кіраўніцтва павятовага Савета Тулча ў 2021 годзе выступіла ініцыятарам стварэння электроннага фотаальбома «Мазыр і Тулча» для выкарыстання ў якасці аднаго з інструментаў прасоўвання двухбаковага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ва ўмовах пандэміі. Міністэрства спорту і турызму Беларусі падтрымала ініцыятыву Пасольства Беларусі ў Румыніі аб стварэнні першага міжкраінавага электроннага фотаальбома «Беларусь — Румынія». Пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Румыніі ўжо ўсталяваныя кантакты паміж беларускімі і размешчанымі ў павеце Тулча біясфернымі запаведнікамі, музеямі, установамі культуры.

У рамках візіту ў павет Тулча Пасол А.Грынкевіч правёў гутаркі са старшынёй павятовага Савета Хорыей Тэадарэску, з намеснікам старшыні павятовага Савета Міхаем Хулені, з кіраўніком адміністрацыі павятовага Савета Думітру Мергеані, з былым дэпутатам парламента Румыніі і дзеючым дарадцам старшыні павятовага Савета Тулча Анішоарай Раду, падчас якіх абмеркаваў канкрэтныя пытанні далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Пасол А.Грынкевіч правёў асобную сустрэчу з былым Прэзідэнтам Румыніі Эмілем Канстанцінеску.

Пасол А.Грынкевіч прыняў удзел у бізнес-форуме з удзелам ключавых кампаній павета, падчас якога выступіў з прэзентацыяй эканамічнага, інвестыцыйнага, навуковага патэнцыялу Беларусі і правёў сустрэчы з кіраўніцтвам асобных кампаній і прадметна абмеркаваў пытанні супрацоўніцтва з беларускімі суб'ектамі гаспадарання.

У рамках візіту Пасол А.Грынкевіч наведаў размешчаныя ў Тулче суднаверфі, кампаніі ў сферах металургіі, сельскай гаспадаркі, хімічнай, харчовай і турыстычнай галін. Падчас сустрэч з кіраўніцтвам кампаній абмеркаваны перспектывы і канкрэтныя кірункі развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці